Здзейсніць віртуальнае падарожжа па Адэльску дазваляе інтэрактыўная карта “Мястэчка, якое было горадам”.
Стварыла яе бібліятэкар Адэльскай сельскай бібліятэцы – цэнтра краязнаўства і турызму Станіслава Сідлярэвіч. Наведвальнікам сайта інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра дастаткова толькі выбраць на выяве месца і націснуць на яго, каб адкрыць неабходную інфармацыю са спасылкамі і здымкамі.
Карта складаецца з 7 раздзелаў і дапоўнена фактаграфічнай базай дадзеных, паведаміла Станіслава Зянонаўна. Першы, “З гісторыі зямлі адэльскай”, знаёміць з падзеямі і фактамі пачынаючы з 1940 года да сучаснасці, месцапалажэннем аграгарадка, гербам і сцягам, эканомікай, тапаніміяй, гідраграфіяй, археалогіяй, этнаграфіяй, геалогіяй і міфалогіяй, а таксама раслінным і жывёльным светам.
Трынадцацілетнюю вайну з Маскоўскім княствам, Паўночную вайну, моцныя буры перажыў Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Сёння гэты помнік народнага драўлянага дойлідства ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, тут знаходзяцца цудадзейныя абразы Святога Антонія і Божай Маці Адэльскай. У частцы “Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі” можна прачытаць пра Адэльскую парафію, убачыць фотаздымкі з ранейшых дзён святыні, даведацца пра яе заснаванне і ксяндзоў, якія тут служылі.
Здаўна вядомыя ў Беларусі і нават за яе межамі адэльскія драўляныя дудачкі, флейты, жалейкі, акарыны ў выглядзе птушак і рыб, паляўнічыя рогі і трэмбіты. Народныя музычныя інструменты стварае ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна Мар'ян Скрамблевіч. На яго дудачках граюць у Беларускай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, ансамблі танца, музыкі і песні «Белыя росы».
За значны асабісты ўклад у захаванне і адраджэнне традыцыйнай народнай культуры, развіццё беларускай народнай творчасці і рамёстваў Мар'ян Антонавіч атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і Грант Прэзідэнта на рэалізацыю праекта па захаванні традыцыйных спосабаў вырабу беларускіх народных інструментаў. Таксама указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яму прысуджана медаль Францыска Скарыны. Падрабязней пра народнага майстра Рэспублікі Беларусь – у раздзеле “Адэльскі маэстра”.
У наступнай главе “Падвойныя дываны – гонар Адэльскай зямлі” апісваюцца гісторыя ўзнікнення ткацтва, розныя тэхнікі вырабу тканых дываноў, жыццё адной з вядомых беларускіх майстрых Ядвігі Райскай. Яна ткала падвойныя дываны на заказ аднавяскоўцам і ўмела ствараць ажно 12 узораў!
Адэльск – адзінае месца на Гродзеншчыне, якое называюць краем ветракоў. Размяшчаліся млыны як у мястэчку, так і ў розных урочышчах побач. Яны стаялі на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, у адзіночку ці па некалькі збудаванняў і служылі своеасаблівымі арыенцірамі падарожніку. Ветракі належалі жыхарам Адэльска. У раздзеле “Адэльск – край ветракоў” падаюцца гісторыя іх з’яўлення і месцазнаходжанне з унікальнымі фотаздымкамі.
Цікавыя звесткі пра крыжы Адэльска змяшчае старонка “Прыдарожныя крыжы”. У аграгарадку іх налічваецца дзесяць, чатыры з якіх стаяць па дарозе на Гродна. Усе яны або ахвяравальныя, або абярэгі і адносяцца да пачатку XX стагоддзя, акрамя аднаго, відавочна больш даўняга, паходжанне якога дакладна невядома. Асаблівасць адэльскіх крыжоў – іх назва: амаль заўсёды гэта прозвішчы гаспадароў, якія ставілі іх каля хаты ці на ўскрайку сваіх палеткаў.
Апошні раздзел прысвечаны кухн і, якой славіцца аграгарадок: паўсядзённай (бульбяныя бабка і кішка, жытні хлеб), святочнай (капытцы, бігас, цымас, сыр клінковы) і абрадавай (ламанцы). Ведамі аб комплексе страў, старажытнай рэцэптуры і тэхналогіі прыгатавання валодаюць многія жыхары Адэльска. Некаторыя з паўсядзённых і святочных страў, якія рыхтуюцца па народных рэцэптах, прымеркаваны да традыцыйнага календара. Напрыклад, дагэтуль старэйшыя носьбіты мясцовай культуры і малодшае пакаленне на Каляды (першую посную куццю) гатуюць ламанцы. Цымас, капытцы, бігас і іншыя стравы ўжываюць амаль на ўсе каляндарныя святы (Зялёныя святкі, Вялікдзень, Янаў дзень і інш.). У 2016 годзе адэльская кухня была занесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.